Ператрусы і арышты народных дэлегатаў платформы «Сход»
11 жніўня прайшлі ператрусы ў дэлегатаў платформы «Сход», некаторых затрымалі.
«Сход» – віртуальная платформа, дзе можна вылучаць і абіраць сваіх прадстаўнікоў. Платформа стваралася як альтэрнатыва праўладнаму Ўсебеларускаму народнаму сходу. У сярэдзіне сакавіка 2021 года «Сход» звярнуўся да ўсіх палітычных сілаў, уключна з Адміністрацыяй прэзідэнта і Палатай прадстаўнікоў, з заклікам далучыцца да адкрытых слуханняў на тэму выхаду з палітычнага крызісу.
Ператрусы прайшлі ў 22 дэлегатаў «Сходу». 11 чалавек пасля допытаў адпусцілі. Пра некаторых людзей нічога невядома: яны не выходзяць на сувязь.
Сярод затрыманых – экс-амбасадар Беларусі ў Славакіі Ігар Ляшчэня. Ён змешчаны ў следчы ізалятар на Акрэсціна ў Мінску. Следчы камітэт паведаміў, што з дыпламатам праводзяцца следчыя дзеянні, даследуецца магчымая датычнасць экс-амбасадара да «масавых беспарадкаў» у Мінску.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні мінулага года Ляшчэня адным з першых публічна зганіў гвалт у дачыненні да мірных дэманстрантаў і падаў у адстаўку. Ён быў першым старшынёй платформы «Сход».