Пераслед беларусаў за антываенную дзейнасць
Ужо год пасля расійскага ваеннага ўварвання ва Украіну беларускі рэжым пераследуе беларусаў за любую праяву антываеннай пазіцыі. За ўдзел у антываенных пікетах, дыверсіі на чыгунцы і каментары ў інтэрнэце ў Беларусі за гэты год у агульнай складанасці былі арыштаваныя не менш за 1575 чалавек. З іх 56 чалавек атрымалі тэрміны пазбаўлення свабоды ад 1 да 23 гадоў. “Вясна” паведамляе, за якія антываенныя выступы беларусаў пераследавалі ўлады.
Удзел у антываенных акцыях і пікетах
27 і 28 лютага мінулага года ў Беларусі адбыліся самыя масавыя антываенныя акцыі. Толькі за гэтыя два дні было арыштавана не менш за 1100 чалавек. Беларусаў затрымлівалі за жоўта-блакітныя стужкі, надпісы “Не вайне”, за ўскладанне кветак ва ўкраінскага пасольства ў Мінску. Пратэсты былі не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах. Пры затрыманні шмат каго моцна збівалі.
Арышты за інфармацыйную вайну
Беларусы высылаюць фота і відэа расійскай вайсковай тэхнікі і інфармацыю пра яе пасоўванне па тэрыторыі Беларусі ў праект маніторынгу “Беларускі Гаюн” і незалежным СМІ, за што актыўна пераследуюцца ўладамі. За перадачу інфармацыі ўжо ўзбуджана як мінімум 32 крымінальныя справы.
Дзейнасць “рэйкавых партызан”
Лукашэнка дазваляе Расіі актыўна выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для транспартавання ваеннай тэхнікі ва Украіну. “Рэйкавыя партызаны” перашкаджаюць прасоўванню расійскай ваеннай тэхнікі, арганізуючы дыверсіі на чыгунцы. На сёння вядома пра суды над 12 затрыманымі, абвінавачанымі ў такіх акцыях сабатажу. Іх прысуды ў агульнай складанасці складаюць больш за 190 гадоў пазбаўлення волі.
Жаданне ваяваць на баку Украіны
Пасля пачатку вайны беларусы стварылі полк Кастуся Каліноўскага, які пасля ўвайшоў у склад Узброеных Сіл Украіны. Каб далучыцца да палка, можна даслаць запыт праз тэлеграм-бот. Беларускія ўлады арыштавалі не менш за 11 чалавек, у тэлефонах якіх быў знойдзены гэты бот. Акрамя гэтага ажыццяўляецца ціск на сем’і беларусаў, якія ўжо далучыліся да палка Каліноўскага: сілавікі ўрываюцца ў кватэры сваякоў “каліноўцаў” і ўчыняюць там пагромы.
Праваабаронцы таксама задакументавалі рэпрэсіі супраць 20 чалавек за антываенныя каментары ў інтэрнэце, фінансавую дапамогу “каліноўцам” і ўкраінскаму войску. Колькасць няўлічаных выпадкаў, верагодна, у некалькі разоў вышэйшая.