Творчасць Святланы Алексіевіч натхняе Галівуд, а ў Беларусі яе правяраюць на «экстрэмізм»
Паводле кнігі «У вайны не жаночае аблічча» беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч плануецца зняць серыял у Галівудзе. Выдавец Барыс Пастарнак напісаў Facebook, што дамова пра яго стварэнне ўжо падпісаная. Паводле яго слоў, пасля ашаламляльнага поспеху «Чарнобыля», знятага амерыканскай стрымінгавай кампаніяй HBO па матывах «Чарнобыльскай малітвы» Алексіевіч, за правы на новы серыял разгарнулася міжнародная канкурэнцыя. Святлана Алексіевіч пацвердзіла ў інтэрв’ю «Зеркалу», што некалькі буйных галівудскіх студый праявілі цікавасць да здымкаў, а ў адной з роляў планавалася задзейнічаць Анджэліну Джалі.
«У вайны не жаночае аблічча» – першая кніга, якая прынесла папулярнасць Святлане Алексіевіч. Заснаваная на інтэрв’ю з савецкімі жанчынамі, якія прайшлі Другую сусветную вайну, яна ўпершыню была апублікавана ў 1983 годзе адразу ў некалькіх выдавецтвах. Ужо да канца 1980-х гадоў яе агульны тыраж дасягнуў 2 млн экзэмпляраў. Сёння, праз расійскае ўварванне ва Украіну, кніга набывае новую актуальнасць.
У той час, як у Галівудзе Алексіевіч набірае папулярнасць, у Беларусі пісьменніца можа стаць першай нобелеўскай лаўрэаткай, чые кнігі прызнаюць экстрэмісцкімі. У Міністэрстве культуры паведамляюць, што кнігі Святланы Алексіевіч адпраўлены на экспертызу ў спецыяльную рэспубліканскую камісію па экстрэмізму. Раней стала вядома, што школьныя бібліятэкі атрымалі спіс з 33 літаратараў, у ліку якіх Алексіевіч, чые кнігі трэба выключыць са звароту. А са жніўня 2021 года творы пісьменніцы больш не ўваходзяць у школьную праграму.
У 2015 годзе Святлана Алексіевіч стала лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры за цыкл твораў «Галасы Утопіі», які адкрываецца кнігай «У вайны не жаночае аблічча». У 2020 годзе пісьменніца стала чальцом прэзідыума Каардынацыйнай рады. У верасні таго ж году яна з’ехала ў Германію на запрашэнне Германскай службы акадэмічных абменаў (DAAD). У 2021-м беларускі ПЭН-цэнтр, які яна ўзначальвала, быў ліквідаваны. У пачатку 2022 года Амерыканскі Forbes уключыў Святлану Алексіевіч у спіс 50 найбольш паспяховых жанчын старэйшых за 50 гадоў у рэгіёне EMEA (Еўропа, Бліжні Усход і Афрыка).