Палітзняволеная журналістка Ксенія Луцкіна не атрымлівае медыцынскай дапамогі
Стан здароўя журналісткі Ксеніі Луцкінай, асуджанай на 8 гадоў калоніі, моцна пагоршыўся: абвастрылася бранхіяльная астма і расце пухліна ў галаўным мозгу.
Пра гэта бацька журналісткі распавёў “Народнай Волі”. У 2014 годзе Ксеніі выдалілі дзве пухліны ў галаве. Пра цяперашняе самаадчуванне сваёй дачкі Алег Луцкін кажа:
Са здароўем усё кепска. Хвароба не адступае, таму ў яе пастаянныя галаўныя болі, трасуцца рукі і ногі. Ксеніі абяцалі дадатковае медыцынскае абследаванне, але абяцанні так словамі і засталіся.
Журналістка Ксенія Луцкіна была затрымана ў снежні 2020 года. Раней яна працавала на Беларускім дзяржаўным тэлебачанні, але сышла адтуль на хвалі пратэстаў. Ксенія далучылася да дзейнасці Каардынацыйнай Рады, што і паслужыла падставай для яе арышту. У верасні 2021 года Ксенія Луцкіна была асуджаная на восем гадоў пазбаўлення волі ў калоніі. Дома ў яе застаўся непаўналетні сын.