Палітык Анатоль Лябедзька выйшаў на волю пасля 30 содняў адміністрацыйнага арышту
Палітыка затрымалі 14 траўня, калі ён прыйшоў падтрымаць абвінавачаных па справе студэнтаў, і асудзілі на 30 содняў. Сёння Анатоля мусілі выпусціць на волю, аднак яго жонцы паведамілі, што ў ЦІП яго няма, бо ён ужо вызвалены. Пазней стала вядома, што Лябедзьку таемна вывезлі з ЦІП на Акрэсціна і высадзілі на ўскраіне Мінска. Дадому ён дабраўся на таксі.
Анатоль Лябедзька падзяліўся з NN.BY сваімі ўражаннямі ад знаходжання ў СІЗА.
«Было б вельмі добра, каб тыя, хто робіць ад імя Беларусі палітычныя заявы, проста наведалі сённяшнія ІЧУ і ЦІПы. Гэта было б вельмі цікава, бо тое, што там цяпер адбываецца, – гэта штодзённае парушэнне дзеючай Канстытуцыі. Гэта суцэльныя катаванні людзей, калі зыходзіць з міжнародных стандартаў і Канстытуцыі. Менавіта там сёння людзям найбольш некамфортна і небяспечна. Гэта немагчыма параўнаць нават з беларускімі калоніямі і турмамі. Тым, хто прайшоў праз крымінальныя справы, нават прасцей», – заявіў палітык.
Анатоль распавёў пра ўмовы ўтрымання ў СІЗА: «Цяпер у двух- або чатырохмясцовых камерах знаходзіцца па 15–19 чалавек. Толькі 4–5 дзён ішла гарачая вада. Людзей змяшчаюць у цэлі, дзе наогул няма паветра, бо ўсё зачынена. Два дні я правёў у карцары, не ведаю нават за што, там ніхто нікому нічога не тлумачыць. Няма ні падушак, ні пошывак, ні матрацаў – нічога».