Палітычныя суды 20 верасня
Расіянцы Ірыне Вікхольм прысудзілі паўтара года калоніі за меркаваны паклёп на Лукашэнку. Вікхольм пражыла ў Брэсце каля 10 гадоў і вяла блог на некалькіх інтэрнэт-пляцоўках. Яе затрымалі яшчэ ў траўні 2021, а паведамілі пра гэта толькі ў верасні. Падставай для крымінальнай справы стаў пост Ірыны ў Twitter. Вікхольм змясціла спасылку на артыкул рускай службы Бі-бі-сі пра інцыдэнт з самалётам Ryanair і дадала загаловак: «Чарговае злачынства Лукашэнка: акт дзяржаўнага авіяпірацтва».
Палітвязня, экс-намесніка старшыні Магілёўскага гарвыканкама Уладзіміра Дударава асудзілі на сем з паловай гадоў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму нібыта за махлярства і перавышэнне паўнамоцтваў, а насамрэч за тое, што быў сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі.
33-гадовага палітвязня, грамадзяніна Украіны Міхаіла Ферэнца асудзілі на тры гады калоніі. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў леташніх пратэстных маршах, а таксама ў адміністраванні тэлеграм-канала «Смелыя людзі». Міхаіл – ураджэнец Данецку, у Беларусі жыве ўжо дзевяць гадоў. Пасля затрыманьня яго трымалі сем месяцаў як замежніка ў чаканні высылкі з краіны ў ІЧУ на Акрэсціна. У апошнім слове палітвязень распавёў пра нечалавечыя умовы ўтрымання цягам гэтых месяцаў. Аднак замест адпраўкі на радзіму яму прад’явілі абвінавачванне і перавялі ў СІЗА. Пры гэтым, сямімесячнае ўтрыманне на Акрэсціна яму не залічылі ў тэрмін пакарання . Віну палітвязень на судзе не прызнаў, адмовіўся ад дачы паказанняў.
Палітвязня Цімура Газізава, актывіста ініцыятывы «Сумленныя людзі» асудзілі на два гады хіміі за тое, што 4 кастрычніка 2020 года Цімур нібыта ўдзельнічаў у масавым мерапрыемстве і блакаваў дарогу. Яго затрымалі 16 чэрвеня падчас спектакля «Белы трус, чырвоны трус».