Палітвязня Сцяпана Латыпава накіравалі на псіхіятрычную экспертызу
Узнавіліся судовыя слуханні па справе Сцяпана Латыпава. Абедзве рукі падсуднага прыкутыя кайданкамі да канваіраў, якія сядзяць з ім у шкляной клетцы, у яго сіняя шыя, на якой бачны вялікі шнар.
Суддзя з пракурорам вырашылі накіраваць Сцяпана на судова-псіхіятрычную экспертызу, хоць такая экспертыза ўжо праводзілася. Сам Латыпаў адзначыў, што ўсе яго ўчынкі звязаны з дзеяннямі сілавікоў у адносінах да яго, а не з яго «неадэкватнасцю». На першым пасяджэнні суда па сваёй справе Сцяпан Латыпаў распавёў пра жорсткі ціск у СІЗА і невыносныя ўмовы ўтрымання, пасля чаго здзейсніў спробу самагубства, уткнуўшы асадку ў горла.
Падтрымаць Сцяпана Латыпава ў судзе зноў прыйшло шмат людзей, у тым ліку прадстаўнікі ЕС, але ў залу пусцілі каля 15 чалавек, журналістам было забаронена здымаць.