Палітвязні губляюць здароўе ў чаканні судоў
Вядомы бізнэсмэн Аляксандр Васілевіч – саўладальнік рэкламнага холдынгу Vondel/Hepta, сайтаў kyky.org і the-village.me (абодва заблакаваныя ў Беларусі), а таксама галерэі «Ў», якая бясплатна давала свае плошчы для склада валанцёрскай ініцыятывы ByCovid19 для дапамогі беларускім медыкам. Ён ужо амаль дзесяць месяцаў знаходзіцца ў СІЗА нібыта па падазрэнні ў крымінальным злачынстве – ўхіленні ад выплаты падаткаў. Але відавочна, што прэтэнзіі ўлады да Аляксандра палітычныя – ён быў на сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА, калі той сустракаўся са сваімі галоўнымі палітычнымі супернікамі: Віктарам Бабарыкам, Сяргеем Ціханоўскім і іншымі прадстаўнікамі апазіцыі.
За час знаходжаньня Васілевіча ў зняволенні яго здароўе моцна пагоршылася: ён перахварэў на кавід, у яго пастаянна гнаяцца вочы, парваныя звязкі на назе, яму патрэбная аперацыя. Яго жонка Надзея Зелянкова з дзвюма дочкамі была вымушана з’ехаць з Беларусі ў Эстонію. На яе думку, у Беларусі цалкам адсутнічае права. Людзей спачатку саджаюць у турму, а потым прыдумляюць прычыны, за што іх пасадзілі.