Пакаранне палітзняволенай Наталлі Хершэ зробяць больш жорсткім
Палітзняволеную грамадзянку Швейцарыі Наталлю Хершэ пераводзяць з гомельскай калоніі ў турму. Пра гэта паведаміў брат Наталлі Генадзь Касьян. Прычын такога рашэння Генадзь не ведае, але лічыць, што гэта «абсалютна незаконнае рашэнне і катаванне праз ўмовы утрымання. Гэта значыць, зачыняюць у клетку, хочуць такім чынам дасягнуць сваёй мэты: [прымусіць] напісаць прашэнне аб памілаванні ці прызнаць сваю віну».
У калоніях людзі ходзяць на працу, у сталовую. У турмах жа зняволеныя ўвесь час знаходзяцца ў камеры, прагулка бывае ў дворыку.
Наталля Хершэ ўжо год у няволі. Яе затрымалі 19 верасня 2020 года пасля жаночага маршу ды асудзілі на два з паловай гады калоніі агульнага рэжыму за тое, што яна сарвала балаклаву з байца АМАП. Яе саджалі ў СІЗА і памяшканне камернага тыпу за адмову шыць форму для сілавікоў. Зняволеная тройчы адмовілася прасіць памілаванне, бо лічыць сябе невінаватай. Яна мае грамадзянствы Беларусі і Швейцарыі, у Гомельскай калоніі яе наведваў швейцарскі амбасадар.