Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі на паказальным судзе не прызнаў сябе вінаватым
5 студзеня ў Менску пачаўся суд над праваабаронцамі “Вясны”, у тым ліку над лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру Алесем Бяляцкім. Абвінавачаным пагражае ад 7 да 12 гадоў пазбаўлення волі. Судовы працэс зрабілі адкрытым – незвычайная для палітычна матываваных працэсаў у Беларусі праява.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” асвятляе суд над сваім старшынём Алесем Бяляцкім, намеснікам старшыні Валянцінам Стэфановічам і каардынатарам кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімерам Лабковічам. У зале суда закаваных у кайданкі праваабаронцаў трымаюць ў металічнай клетцы. Суддзя не задаволіла хадайніцтва абвінавачаных аб зняцці кайданкоў ані аб ужыванні ў працэсе беларускай мовы. Тым не менш падсудныя працягвалі размаўляць у залі суда па-беларуску.
На працэс, які з’яўляецца часткай масавых рэпрэсіяў супраць апазіцыі ў Беларусі, дапусцілі сваякоў падсудных і прапагандыстаў. Каля 10 чалавек, у тым ліку замежных дыпламатаў, у залю суда не пусцілі. Усіх падсудных абвінавачваюць у фінансаванні паслявыбарных пратэстаў і кантрабандзе грошай. У прыватнасці, выплата ганарараў адвакатам і пакрыццё штрафаў за мірных пратэстоўцаў падаецца як незаконная дзейнасць.
Бяляцкі, Стэфановіч і Лабковіч сваёй віны не прызналі. Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека паведаміла, што ўважліва сочыць за гэтай справай і працягвае “пастаянныя стасункі” з беларускімі ўладамі.
Тысячы людзей сочаць за судовым працэсам і чакаюць канчатковага прысуду. Як казаў Алесь Бяляцкі ў інтэрв’ю August2020 у траўні 2021 года, “салідарнасць у беларускага народа ў крыві”. Узгадваючы пра ранейшае зняволенне, ён адзначаў: “Там трэба мець вытрымку і цярпенне, таму што часам прыходзіцца проста чакаць”.