Нядзельныя акцыі ў падтрымку палітвязняў Беларусі

У Парыжы Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) правяла акцыю салідарнасці з затрыманымі праваабаронцамі «Вясны» і ўсімі палітвязнямі Беларусі. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел сенатар Парыжа Рэмі Феро і генеральны дырэктар FIDH Элеанор Марэль.
Рэмі Феро у сваім выступе адзначыў, што Францыя павінна рабіць усё магчымае і змагацца за вызваленне праваабаронца Алеся Бяляцкага і ягоных арыштаваных калег да таго часу, пакуль Беларусь не стане дэмакратычнай краінай.
Элеанор Марэль ад імя FIDH заклікала беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі і неадкладна вызваліць усіх палітвязняў.
«Гэтая новая хваля рэпрэсій з’яўляецца яшчэ адным доказам таго, што рэжым Лукашэнкі вядзе сістэматычную кампанію, каб прымусіць замаўчаць усе нязгодныя галасы і падавіць грамадзянскую супольнасць у Беларусі», – адзначыла Марэль.

У Лондане каля сцен беларускага пасольства прайшла акцыя салідарнасці з палітычнымі вязнямі, актывістамі, народам Беларусі.
Беларуская дыяспара ў Вялікабрытаніі выйшла на акцыю з партрэтамі палітвязняў. Брытанская няўрадавая арганізацыя Justice for Journalists разам з Беларускай асацыяцыяй журналістаў выпусцілі заяву ў падтрымку журналістаў незалежных медыяў у Беларусі.

Акцыя салідарнасці з беларускім народам таксама прайшла ва Уроцлаве. Тэмай акцыі сталі валанцёры, якія дапамагалі падчас пандэміі апошнія паўтара года, збіралі дапамогу тым, хто знаходзіўся за кратамі, вялі спісы затрыманых і падтрымлівалі сваякоў палітвязняў.