НАУ правядзе прававую канферэнцыю ў Нюрнбергу
Народнае антыкрызіснае ўпраўленне заявіла аб правядзенні прававой канферэнцыі ў Нюрнбергу – «горадзе, які добра ведае, што такое міжнародны трыбунал над злачынцамі». Мэта канферэнцыі – паскорыць працу ў накірунку прызнання Аляксандра Лукашэнкі тэрарыстам і прыцягнення вінаватых у катаваннях да адказнасці ў межах універсальнай юрысдыкцыі.
У канферэнцыі возьмуць удзел адвакаты, палітыкі, праваабаронцы і прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі. Мерапрыемства будзе складацца з дзвюх частак: дыскусіі адвакатаў з міжнародным досведам і прэс-канферэнцыі.
«Яшчэ ў 2020 годзе Дакладчык АБСЕ зрабіў заключэнне аб наяўнасці падстаў для стварэння міжнароднага трыбунала па злачынствах Лукашэнкі супраць чалавечнасці. Але дамагчыся яго правядзення можам толькі мы, беларусы», – заявіў Міхаіл Кірылюк, адказны за пытанні юстыцыі ў НАУ.