Наталля Хершэ на волі пасля 17 месяцаў турмы
Палітычную зняволеную Наталлю Хершэ без папярэджання выпусцілі з турмы. Пра вызваленне Хершэ паведаміў асабіста прэзідэнт Швейцарыі Іньяцыо Касіс, які выказаў задавальненне з нагоды таго, што дыпламатычныя намаганні далі плён.
Нагадаем, што нядаўна Швейцарыя накіравала сваю амбасадарку ў Беларусь. Крысцін Хонегер-Залатухін уручыла міністру замежных спраў Уладзіміру Макею копіі даручных грамат. Пры гэтым швейцарскае МЗС зазначыла, што гэты жэст не з’яўляецца прызнаннем легітымнасці Лукашэнкі.
Грамадзянка Швейцарыі і Беларусі правяла за кратамі 17 месяцаў. Яна рашуча адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі і неаднаразова аб’яўляла галадоўкі з-за невыносных умоў утрымання. Вызваленне палітзняволенай аказалася нечаканасцю нават для яе брата Генадзя. Ён сустрэўся з сястрой ужо ў аэрапорце, куды яе прывезлі яшчэ ў турэмнай робе. Праз некалькі гадзін Наталля Хершэ ўжо пакінула Беларусь.