МВФ праверыць эканамічную сітуацыю ў Беларусі
Міжнародны валютны фонд заявіў, што ў панядзелак, 13 верасня, запускае віртуальную місію ў Беларусі для збору дадатковай інфармацыі пра эканамічную сітуацыю ў краіне і захады, якія прымаюцца ў сувязі з пандэміяй COVID-19. Рашэнне было прынятае «на фоне заклапочанасці» з-за выплаты рэжыму Лукашэнкі звыш 900 мільёнаў даляраў ЗША ў межах падтрымкі асобных дзяржаваў у час барацьбы з пандэміяй каранавіруса. У верасні сродкі былі залічаныя ў золатавалютныя рэзервы Беларусі.
Беларуская апазіцыя і грамадзянскія актывісты заходніх краін выступалі супраць выдзялення фінансавай дапамогі Беларусі. Яны аргументавалі гэта тым, што ЕС і ЗША не прызнаюць Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзідэнтам, і, такім чынам, сродкі не могуць быць пералічаныя краіне з нелегітымнай уладай.
Лукашэнка стаў адным з галоўных ковід-дысідэнтаў у свеце, называў абвешчаную СААЗ пандэмію каронавіруса няйначай як «псіхозам», заклікаў «труціць гэты вірус», ужываючы «40-50 грам у пераліку на чысты спірт» і казаў, што «трактар усіх вылечыць». Жорсткіх абмежаванняў з-за пандэміі каранавіруса беларускія ўлады не ўводзілі.
Ад чэрвеня 2020 года ў Беларусі перасталі публікаваць дадзеныя пра смяротнасць, хаваючы такім чынам рэальныя лічбы па смяротнасці ад COVID-19. Таксама ў Беларусі няма афіцыйнай статыстыкі пра тое, колькі лекараў памерла ад каранавіруса, нягледзячы на рэкамендацыю СААЗ публікаваць інфармацыю пра інфікаваных медыцынскіх працаўнікоў. Згодна з інфармацыяй, якую збіралі самі лекары, смяротнасць лекараў у Беларусі ад кавіда адна з найвышэйшых у свеце.