Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі прадставіў сваю пятую справаздачу
«Прававая ініцыятыва» апублікавала пятую прамежкавую справаздачу Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі. У камітэт уваходзяць 11 беларускіх, расійскіх і ўкраінскіх арганізацый, а таксама Сусветная арганізацыя супраць катаванняў.
Асноўная выснова справаздачы: выяўленыя злачынствы з’яўляюцца злачынствамі супраць чалавечнасці, якія адносяцца да злачынстваў паводле міжнароднага права і за якія вінаватыя маюць панесці пакаранне.
«Маштаб гвалту, парушэнняў правоў грамадзянаў, фізічнага і юрыдычнага пераследу супраць чалавечнасці, у 2020 годзе і да гэтага часу, не мае аналагаў у гісторыі сучаснай Беларусі, – піша Камітэт. – Арганізаваны характар дзеянняў пацвярджаецца тым, што адзін і той самы ўзор злачынных паводзінаў метадычна паўтараецца афіцыйнымі ўладамі, ад старту выбарчай кампаніі і да сёння».
З траўня 2020 года не менш за 35 тысяч чалавек асуджаныя па палітычных матывах у Беларусі, заведзена больш за 4600 палітычных крымінальных справаў і больш за 630 чалавек прызнаныя палітычнымі вязнямі.
З палітычных прычынаў ліквідаваныя або знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі не менш за 115 арганізацый грамадзянскай супольнасці і СМІ.
Вымушаную міграцыю і прымусовы вываз з Беларусі (напрыклад, Святланы Ціханоўскай, Івана Краўцова і Антона Раднянкова) даследчыкі разглядаюць як прымусовае перамяшчэнне ў адсутнасці «сапраўднага выбару», што таксама можна кваліфікаваць як злачынства супраць чалавечнасці.
Таксама даследчыкі прыводзяць прыклады масавых катаванняў (такіх задакументавалі ўжо каля 1500) і бесчалавечных умоў утрымання ў месцах пазбаўлення волі, прыклады сэксуальнага гвалту супраць затрыманых. Пры гэтым, Следчы камітэт дагэтуль не распачаў ніводнай крымінальнай справы па факце катаванняў.
Для ўзмацнення жорсткасці ціску на іншадумства ўлады ўнеслі змены ў дзейнае заканадаўства. Так, зрабілі больш жорсткім пакаранне за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Сілавікам дадзенае права прымяняць зброю, фізічную сілу, баявую і спецыяльную тэхніку «пры спыненнi масавых беспарадкаў». Адказнасці за прымяненне гэтых сродкаў сілавікі не нясуць. Новаўвядзенні з’явіліся і ў дакументах, якія тычацца СМІ, адвакатуры, вызначэння экстрэмісцкай дзейнасці.
Паводле дадзеных Міжнароднага камітэта расследавання катаванняў у Беларусі, за мінулы год пазбаўленыя ліцэнзій 19 адвакатаў. Усе яны працавалі абаронцамі ў палітычна матываваных справах або публічна выказваліся пра парушэнне заканадаўства.