Міністэрства інфармацыі заблакавала сайт Deutsche Welle ў Беларусі
28 кастрычніка 2021 года ў Беларусі былі заблакаваныя сайты Deutsche Welle, «Новы час» і «Сёння». У Міністэрстве інфармацыі заявілі, нібы сайты мелі гіперспасылкі на матэрыялы, прызнаныя экстрэмісцкімі.
МЗС Германіі запытала тлумачэнні ў беларускага рэжыму аб блакаванні сайта DW, паведаміла агенцтву «Интерфакс-Запад» прадстаўніца германскага МЗС Андрэа Засэ.
Генеральны дырэктар медыякампаніі Deutsche Welle Петэр Лімбург назваў блакаванне сайта DW і іншых СМІ ў Беларусі актам роспачы беларускіх уладаў, а прэтэнзіі ўладаў – смяхотнымі. «Прэтэнзіі да DW насамрэч смяхотныя. Спадар Лукашэнка паказаў, што ў барацьбе супраць свайго ўласнага народа ён не цураецца нічога, каб затрымацца ва ўладзе. Актыўнае выкарыстанне рэсурсаў незалежных СМІ дэманструе, што людзі ў Беларусі больш не давяраюць кантраляваным дзяржавай сродкам масавай інфармацыі. Мы пратэстуем супраць блакіроўкі нашых рэсурсаў, паколькі людзі там маюць права на аб’ектыўную інфармацыю аб сітуацыі ў іх краіне», – падкрэсліў генеральны дырэктар DW.