Мінімум 58 затрыманых беларусаў на мяжы
“Вясна” распавядае, за што сілавікі пераследуюць беларусаў, якія вяртаюцца дадому з-за мяжы, якія тэрміны атрымліваюць затрыманыя і на якіх умовах беларускія ўлады заклікаюць людзей вяртацца з-за мяжы.
Паводле “Вясны”, за 2022 і пачатак 2023 года не менш за 58 беларусаў былі затрыманыя пры ўездзе ў Беларусь. Сярод іх мінімум 10 былі асуджаныя з абмежаваннем волі ад аднаго да пяці гадоў калоніі, 4 чалавек адправілі на “хатнюю хімію” і супраць яшчэ сямі ўзбуджаныя крымінальныя справы. Некаторым давялося адсядзець “суткі” ў ізалятары, іншыя атрымалі вялізныя штрафы. Праваабаронцам вядомыя выпадкі, калі сілавікі пасля затрымання знішчалі дакументы для выезду за мяжу і нават пашпарты затрыманых.
Часцей за ўсё затрымлівалі пасля вяртання з Польшчы і Літвы, таксама вядомы выпадкі затрымання пасля вяртання з Украіны, Латвіі, Грузіі і Расіі. Сілавікі высаджваюць беларусаў з рэйсавых аўтобусаў, чакаюць іх на вакзалах ці прыходзяць пасля вяртання да іх дадому. Часцей за ўсё людзей затрымліваюць за каментары ў сацсетках, за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020, а таксама за фота з бел-чырвона-белай сімволікай у сацсетках і ўдзел у акцыях салідарнасці за мяжой.
Беларускія ўлады заклікаюць людзей, якія з’ехалі за мяжу, вярнуцца ў Беларусь. Так збіраюцца сабраць міжведамасную камісію па працы з беларускімі мігрантамі, якая павінна дэталёва вывучыць кожнага ахвочага вярнуцца ў Беларусь, каб не прапусціць ніводнага “экстрэміста” ці “тэрарыста”. У канцы 2021 года сілавікамі была створана праграма “Дарога дадому”, якая нібыта дазваляе тым, хто з’ехаў вярнуцца дадому “без наступстваў”. Пры гэтым беларусам выстаўляюць пэўныя ўмовы. Гэтай “праграмай” скарысталася адміністратарка дваровых чатаў Таццяна Курыліна, якую цяпер судзяць па 12 артыкулах крымінальнага кодэкса. Яе заклікалі вярнуцца ў Беларусь “без наступстваў”, але гэта аказалася спецаперацыяй КДБ.
Прычыны вяртання ва ўсіх розныя: камусьці трэба зрабіць пашпарт ці візу, нехта едзе на лячэнне або наведаць сям’ю, а нехта на пахаванне сваякоў. Праваабаронцы “Вясны” папярэджваюць беларусаў, якія з’ехалі, пра рызыкі, звязаныя з вяртаннем у Беларусь. Масавыя рэпрэсіі не спыняюцца, і для многіх беларусаў дарога дадому можа аказацца прамой дарогай у турму.