Мэр Парыжу напісала ліст арыштаванаму беларускаму праваабаронцу
Мэр Парыжу Ан Ідальга выказала падтрымку кіраўніку праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесю Бяляцкаму, які з’яўляецца ганаровым грамадзянінам Парыжу. Яе ліст у адрас праваабаронцы быў апублікаваны на сайце «Вясны». Даведаўшыся пра арышт Бяляцкага, яна вырашыла далучыцца да Міжнароднай федэрацыі па правах чалавека, каб выказаць словы падтрымкі.
«Я, як і мноства грамадзян, прыхільных абароне правоў чалавека, хвалююся пра развіццё сітуацыі ў Беларусі, дзе рэпрэсіі супраць апазіцыі да цяперашняга рэжыму – што б гэта ні было – носяць сістэмны характар», – гаворыцца ў лісце.
Ідальга падкрэслівае, што адвольныя арышты, затрыманні актывістаў, рэпрэсіі супраць НКА супярэчаць каштоўнасцям і прынцыпам дэмакратыі і шырока асуджаюцца міжнароднай супольнасцю.
Алесь Бяляцкі, кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года. На яго заведзеная крымінальная справа за арганізацыю і фінансаванне масавых беспарадкаў і за нявыплату падаткаў. Усяго па справе «Вясны» арыштаваныя 7 праваабаронцаў.
18 верасня 2021 года Ан Ідальга сустракалася ў Парыжы са Святланай Ціханоўскай. Кіраўніца французскай сталіцы назвала знаёмства з беларускай лідэркай вялікім гонарам.