Марыя Калеснікава – у штрафным ізалятары
Калі і на які тэрмін яе туды змясцілі — невядома. Пра тое, што Марыя Калеснікава ў ШІЗА, стала вядома 22 лістапада, калі да яе спрабаваў патрапіць адвакат.
Супрацоўнікі калоніі не прапусцілі адваката, патлумачыўшы гэта тым, што нібыта ад Марыі Калеснікавай не паступіла заява (якую яна піша штораз проста на сустрэчы з адвакатам і ўручае супрацоўніку пасля яе заканчэння). Напярэдадні на Марыю тры дні запар накладвалі спагнанні: за знаходжанне ў працоўны час не там і за “няветлівае абыходжанне”. М. Калеснікава не згаджаецца з абвінавачваннямі. У чым канкрэтна заключалася парушэнне і з кім яна паводзіла сябе няветліва – ёй не патлумачылі. Адвакат збіраецца абскардзіць рашэнне.
Штрафны ізалятар – халодная адзіночная камера з драўлянымі нарамі без спальных прыналежнасцяў, дзе забаронены нетурэмная ежа, кнігі і перапіска, а таксама любыя кантакты з іншымі зняволенымі і адвакатам. Гэты спосаб пакарання часта прымяняецца да палітычных зняволеных. Віктар Бабарыка ўжо двойчы змяшчаўся ў штрафны ізалятар. У лістападзе, меркавана, знаходзіўся ў ШІЗА Мікалай Статкевіч.
Аб змяшчэнні М. Калеснікавай у ШІЗА напісала выданне The Washington Post: “Калеснікава і астатнія палітычныя зняволеныя павінны выйсці на волю. Аляксандр Лукашэнка і ягоныя супольнiкі павінны апынуцца на лаве падсудных”.