Літва адмовілася перавозіць беларускі калій
З 1 лютага 2022 года спыняецца перавозка ўгнаенняў «Беларуськалія» па літоўскай чыгунцы. Урад Літвы 12 студзеня 2022 года падтрымаў заключэнне спецыялізаванай камісіі аб тым, што дамова паміж «Літоўскай чыгункай» (Lietuvos gelezinkeliai) і беларускім вытворцам калійных угнаенняў «Беларуськалій» не адпавядае інтарэсам нацыянальнай бяспекі і мусіць быць скасаванай.
Праблема з транзітам беларускага калію праз Літву з’явілася праз прынятыя ў жніўні санкцыі ЗША супраць «Беларуськалія», якія ў адрозненне ад еўрапейскіх тычацца ўсёй прадукцыі кампаніі. ЗША з’яўляюцца важным партнёрам Літвы, і спроба вылузацца з санкцый нясе для Вільні рэпутацыйныя рызыкі. Сітуацыя з транзітам спарадзіла скандал ва ўрадзе Літвы: пра гатоўнасць падаць у адстаўку заявілі кіраўнік МЗС і міністр транспарту краіны. Прэм’ер-міністрка Літвы Інгрыда Шыманітэ паабяцала знайсці выйсце з мінімальнай шкодай для краіны.
Таксама з 1 красавіка 2022 года супрацоўніцтва з «Беларуськаліем» спыніць нарвежская кампанія Yara, якая закупляла ў сярэднім 15% ад агульнага аб’ёму выпускаемых прадпрыемствам угнаенняў. Эксперты бачаць узаемасувязь паміж гэтымі рашэннямі.