Ліквідацыя незалежных СМІ і НДА працягваецца ва ўсіх рэгіёнах Беларусі
Гаспадарчы суд Гродзенскай вобласці вынес рашэнне пра ліквідацыю незалежнага інтэрнэт-партала Hrodna.life, які асвятляў падзеі ў горадзе Гродна.
На думку пракуратуры, арганізацыя «ажыццяўляе дзейнасць, забароненую заканадаўчымі актамі». Падставай для ліквідацыі пракурор палічыў тое, што арганізацыю, а таксама журналіста Hrodna.life неаднаразова судзілі за «распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі».
Агульная колькасць штрафаў, накладзеных на кампанію і журналістаў сайта, склала каля 12 тыс. долараў ЗША. Кампанія мусіць быць ліквідаваная да 30 лістапада 2021 года.
Сёння таксама стала вядома, што ў Гомелі будзе ліквідаваная краязнаўчая арганізацыя «Талака», якая дзейнічае з канца 1980-х гадоў. Яна займаецца адраджэннем старадаўніх беларускіх народных абрадаў, збіраннем фальклору і рэканструкцыяй аўтэнтычных святаў. Суд па ліквідацыі адбудзецца 15-га верасня.