Алеся Руднік з Гародні атрымала ўзнагароду «Еўрапеец года»
Асацыяцыя «Шведскі еўрапейскі рух» уручыла 27-гадовай беларусцы Алесі Руднік прэстыжную ўзнагароду «Еўрапеец года». Гэтай прэміяй штогод узнагароджваюць звязаных са Швецыяй людзей, якія зрабілі ўнёсак у супрацоўніцтва паміж народамі Еўропы дзеля ўмацавання свабоды і міру. На сайце асацыяцыі гаворыцца, што прысуджэнне прэміі павінна прыцягнуць увагу да тых, хто змагаецца за дэмакратыю ў Беларусі і Ўсходняй Еўропе.
Алеся Руднік нарадзілася ў Гародні, але жыве ў Швецыі. Да апошняга часу яна ўзначальвала грамадскае аб’яднанне «Беларусы Швецыі». Яна актыўна ўдзельнічае ў дэбатах і акцыях салідарнасці, а таксама праводзіць уласныя даследаванні як дактарантка Карлстадскага універсітэта. Актывістка сказала парталу «Люстэрка», што гэта ўзнагарода — для беларусаў Швецыі і беларусаў Беларусі. Яна ўжо вырашыла, што любую грашовую нагароду перанакіруе на патрэбы беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне і беларускіх палітвязняў.