Кіраўнік Ryanair: прымусовай пасадкай самалёта Беларусь парушыла ўсе міжнародныя авіяцыйныя правілы

Паводле кіраўніка авіякампаніі Ryanair Майкла О’Ліры, прымусовая пасадка 23 траўня 2021 года ў Беларусі самалёта Ryanair з выкарыстаннем ваеннага самалёта МіГ была наўмысным парушэннем усіх міжнародных авіяцыйных правілаў. Самалёт прызямлілі на падставе несапраўднай пагрозы аб мініраванні самалёта з мэтай арышту беларускага апазіцыянера Рамана Пратасевіча.
Беларускія дыспетчары паведамілі экіпажу, што яны атрымалі «рэальную пагрозу, што калі самалёт увойдзе ў паветраную прастору Літвы ці паспрабуе прызямліцца ў аэрапорце Вільні, то на борце выбухне бомба». Пры гэтым капітан безвынікова прасіў звязацца з цэнтрам кіравання аперацыямі Ryanair у Варшаве.
Пасля пасадкі ў салон увайшлі некалькі невядомых асобаў з відэакамерамі, якія спрабавалі прымусіць экіпаж сказаць пад запіс, што ён добраахвотна накіраваў самалёт у Мінск, але экіпаж адмовіўся гэта зрабіць. «Гэта былі вельмі небяспечныя і варожыя абставіны», – сказаў капітан самалёта. Акрамая таго, ён паведаміў, што, калі самалёт зноў узляцеў, на борце недалічыліся пяцярых пасажыраў. Гэта былі Раман Пратасевіч, яго спадарожніца грамадзянка РФ Сафія Сапега і тры «нявызначаныя асобы», хутчэй за ўсё – супрацоўнікі КДБ.
На пасяджэнні Камітэта па транспарце парламента Вялікабрытаніі сп. О’Ліры вітаў кароткатэрміновыя жорсткія санкцыі ў дачыненні да Беларусі, якая учыніла, па яго словах, «пірацтва, фінансаванае дзяржавай», але падкрэсліў, што ў перспектыве неба мусіць быць свабодным.