Кіберпартызаны апублікавалі размову міліцэйскіх чыноўнікаў пра больш жорсткія прысуды
Група хакераў, якія называюць сябе «Кіберпартызанамі», апублікавала чарговы запіс, што выкрывае міліцэйскіх чыноўнікаў. У аўдыёзапісе ад верасня 2020 года голас, што нібыта належыць палкоўніку міліцыі Раману Мельніку, які на той час займаў кіруючую пасаду ў МУС, выказвае незадаволенасць, што суддзі выносяць занадта мяккія прысуды затрыманым мітынгоўцам, і патрабуе, каб людзей кідалі за краты. «Вы давайце, змяняйце гэтую сітуацыю. З папярэджаннямі адтуль ніхто не павінен выходзіць», – кажа Мельнік. Нагадваем, што толькі цягам 2021 года па крымінальных справах палітычнага характару асудзілі не менш за 1285 чалавек.
Кіберпартызаны ўжо неаднаразова публікавалі злівы канфідэнцыйных звестак. У канцы ліпеня 2021 года ў рамках аперацыі «Спякота» яны ўзламалі шэраг баз дадзеных МУС, атрымаўшы доступ да баз пашпартных дадзеных, экстраных выклікаў міліцыі, дадзеных ДАІ і сервера з відэазапісамі дронаў МУС. Акрамя таго, да хакераў трапіў архіў запісаў праслухоўвання тэлефонных размоваў з сервераў МУС агульнай працягласцю каля двух мільёнаў хвілін. Гэтая хакерская атака – не толькі самая маштабная ў гісторыі Беларусі, але і практычна не мае аналагаў у свеце.