Хронікі рэпрэсій у Беларусі: адзін дзень – мноства пераследаў
Пакуль ва Украіне працягваецца вайна, развязаная расейскімі вайсковымі сіламі, суагрэсарам якой з’яўляецца беларускі рэжым, у Беларусі працягваюцца рэпрэсіі супраць грамадзянаў, якія адкрыта выказваюцца супраць вайны ва Украіне.
У Жодзіне быў затрыманы Анатоль Сашуноў за каментары ў „экстрэмісцкіх чатах“. У Мінску завялі крымінальную справу на маці траіх дзяцей Вольгу Томіну за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні. 6 сакавіка ў Менску быў затрыманы былы актор Тэатра ім. Горкага Арсень Сячко. Ён зрабіў заўвагу міліцыянтам, якія затрымлівалі нецвярозых мужчын, за што таксама быў затрыманы і збіты. Яму зламалі тры рэбры. У Менску за плакат „Не вайне“ быў затрыманы Зміцер Мацюшонак. Паведамляецца, што яго здаў сусед. За бел-чырвона-белую і блакітна-жоўтую стужачкі на кашулі затрымалі мастака Алеся Цыркунова. За вокладку на пашпарце затрымалі Віталя Борыса.
10 сакавіка быў праведзены ператрус і канфіскаваны кампутар у арыштаванай на 13 сутак Тацяны Дорц. Яе арыштавалі ў дзень рэферэндуму за тое, што яна выйшла на плошчу з плакатам „Слава Украіне“. 10 сакавіка палітвязня Ягора Міхайлава дадалі ў спіс тэрарыстаў. У ліпені яго асудзілі нібыта за падпал танка, які нават не быў пашкоджаны. Таксама 10 сакавіка ў Магілёве быў затрыманы Аляксей Маргуноў. Ягонае затрыманне звязваюць з дыверсіяй на беларускай чыгунцы.
9 сакавіка суд вынес рашэнне аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання “Радзіслава”, іх гарачая лінія, на якой можна было атрымаць падтрымку, а часам нават выратаваць сабе жыццё, перастала працаваць. “Радзіслава” – гэта грамадскае аб’яднанне, створанае ў 2002 годзе ў Мінску для аказання дапамогі жанчынам, якія пацярпелі ад хатняга гвалту.
Пачаўся ціск на беларускіх адвакатаў, якія падпісалі антываенную петыцыю. Іх выклікаюць у калегію для тлумачэнняў.