Івонка Сурвілла пераабраная Старшынёй Рады Беларускае Народнае Рэспублікі
У Празе прайшла XXXI Сэсія Рады Беларускае Народнае Рэспублікі, на якой Івонка Сурвілла была пераабраная Старшынёй Рады БНР на наступны тэрмін у 6 гадоў.
Радныя з ЗША, Вялікай Брытаніі, Канады, Літоўскай Рэспублікі, Нямеччыны, Польшчы, Чэхіі, Эстоніі абмеркавалі бягучыя справы Рады і яе прыярытэты ва ўмовах актуальнай палітычнай абстаноўкі ў Беларусі, а таксама разгледзелі шэраг паправак да Статуту Рады. Перад сэсіяй была прынятая заява Рады БНР зь віншаваньнем з Днём беларускай вайсковай славы і абвяшчэньнем пра ўзнагароджаньне 14 беларускіх байцоў ва Ўкраіне Мэдалямі БНР за баявыя заслугі.
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі цягам больш як стагодзьдзя захоўвае бесперапынную фармальна-юрыдычную пераемнасьць ад Усебеларускага зьезду 1917 году, які сфармаваў яе як часовы орган вярхоўнай улады ў Беларусі пасьля зьнікненьня Расейскай імпэрыі.
“Гэты інстытут зьяўляецца ўнікальнай беларускай гістарычнай каштоўнасьцю, захавальнікам жывой і неперарыўнай традыцыі беларускай дзяржаўнасьці і беларускага дэмакратычнага і незалежніцкага руху. — адзначае сакратар інфармацыі і прадстаўнік Камісіі па ўзнагароджаньнях Рады Алесь Чайчыц. — Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918 годзе не змагла захаваць незалежнасьць, але сам факт яе абвешчаньня і сам факт таго, што часовы ўрад гэтай дзяржавы працягвае існаваць — гэта важны сымбаль таго, што беларусы працягваюць барацьбу за дэмакратыю і свабоду”.