Ігар Лосік звярнуўся да Папы Рымскага
Жонка палітвязня Ігара Лосіка Дар’я распавяла, што ён напісаў ліст Папу Рымскаму Францыску, у якім просіць «заклікаць спыніцца гэтых страшных людзей, якім ужо ўсё роўна на лёсы іншых, на сотні разбітых горам сем’яў».
У сваім лісце Ігар кажа, што сотні і тысячы беларусаў, сутыкнуўшыся з беззаконнем і несправядлівасцю, ўпадаюць у роспач і не бачаць выйсця з гэтай сітуацыі.
«Я не прашу заступіцца за мяне перад кімсьці, але я прашу заступіцца за дабро, за праўду, за справядлівасць, за сотні і тысячы беларусаў, якія страцілі надзею ў такім самым становішчы, як і я, а многія нават у горшым.
Можа быць, я вельмі наіўны, і гэты ліст да Вас не дойдзе, але я пішу яго зусім шчыра і ад чыстага сэрца і веру, што пішу яго не дарма. І мне вельмі хочацца верыць, што Бог не пакінуў нас, што гэтая бессэнсоўная жорсткасць спыніцца, што больш ніхто не памрэ, і ўсе вернуцца да сваіх сем’яў».
Да Папы Рымскага з падобнымі просьбамі звярталіся Святлана Ціханоўская і Вольга Севярынец, жонка палітвязня Паўла Севярынца.