Год таму прайшлі самыя масавыя акцыі пратэсту ў гісторыі Беларусі
Год таму, 16 жніўня 2020 года, у многіх беларускіх гарадах прайшлі масавыя акцыі пратэсту. Мірныя пратэстоўцы патрабавалі спынення гвалту, адстаўкі Лукашэнкі і новых выбараў.
У Мінску «Марш за свабоду» стаў самай масавай акцыяй пратэсту за ўсю гісторыю Беларусі, у ім узялі ўдзел ад 200 да 500 тысяч чалавек. Людзі сабраліся каля Стэлы, дзе яшчэ некалькі дзён да таго сілавікі кідалі гранаты і стралялі. Агульны настрой было вельмі пазітыўным, людзі прыходзілі сем’ямі з маленькімі дзецьмі, незнаёмыя абдымаліся і спявалі песні, валанцёры падвозілі ваду. У паветры луналі сцягі, у людзей з’явілася сапраўдная надзея на доўгачаканыя перамены.
З прамовай да беларусаў звярнулася і сябра Аб’яднанага штаба Марыя Калеснікава, якую цяпер судзяць у закрытым рэжыме і якой пагражае да дванаццаці гадоў зняволення.
Сёння многія беларусы ў сацсетках ўзгадвалі дзень 16 жніўня 2020 года – дзень, калі ўсе ўпершыню ўбачылі, як шмат людзей у краіне хочуць пераменаў: «Трэба часам сабе нагадваць: усе гэтыя выдатныя людзі нікуды не зніклі. Стаміліся і ўзлаваліся – магчыма. Але не зніклі».