Германія не прыме мігрантаў з тэрыторыі Беларусі

Германія афіцыйна адхіліла заклік Мінска прыняць 2 тыс. мігрантаў з часовага лагера на беларуска-польскай мяжы. Дадзеную прапанову згадваў Лукашэнка пасля тэлефоннай размовы з Ангелай Меркель. Беларускі рэжым таксама сыгналізаваў пра гатоўнасць выслаць у краіны паходжання 5 тыс. мігрантаў, калі 2 тыс. чалавек прыме ЕС.
Прадстаўнік ураду ФРГ Штэфен Зайберт заявіў на прэс-канферэнцыі, што такое рашэнне з’яўляецца непрымальным для Германіі і Еўрасаюза. Прадстаўніца МЗС Андрэя Засэ дадала, што сітуацыя ў памежнай зоне працягвае выклікаць заклапочанасць і што ўсе намаганні накіраваны на прадухіленне бесчалавечнай і цынічнай інструменталізацыі бежанцаў.
Нагадаем, што на мінулым тыдні па дамоўленасці з Іракам з Мінску быў арганізаваны зваротны рэйс, на якім з Беларусі вылецелі больш за 400 мігрантаў, якія выказалі жаданне вярнуцца на радзіму.