Генпракуратура Германіі атрымала скаргу на беларускіх сілавікоў
Еўрапейскі цэнтр канстытуцыйных правоў і правоў чалавека (ECCHR) сумесна з Сусветнай арганізацыяй супраць катаванняў (OMCT) падаў заяву Генеральнаму пракурору Германіі супраць шасці высокапастаўленых прадстаўнікоў сілавых структураў Беларусі за злачынствы супраць чалавечнасці. У ёй утрымліваецца інфармацыя пра масавыя затрыманні, катаванні, знікненні, сэксуальны гвалт і палітычны пераслед пасля 9 жніўня 2020 года. Аўтары заявы заяўляюць, што улічваючы, што гэта міжнародныя злачынствы, ў Германіі за іх могуць завесці крымінальную справу па прынцыпе ўніверсальнай юрысдыкцыі.
Як растлумачыў дырэктар праграмы па міжнародных злачынствах і адказнасці Андрэас Шюллер, з боку генпракурора чакаецца пачатак папярэдняга расследавання ў дачыненні да асоб, якія замешаныя ў злачынствах, бо ў Беларусі ў найбліжэйшы час такія справы даследавацца не будуць. Існуюць відавочныя доказы таго, што катаванні і гвалт насілі наўмысны і сістэматычны характар, дасягнуўшы парога злачынства супраць чалавечнасці, адзначыў генеральны сакратар OMCT Джэральд Стаброк. Ён дадаў, што названая інфармацыя пацверджана неаднаразовымі міжнароднымі расследаваннямі, у тым ліку Маскоўскім механізмам АБСЕ.
У Беларусі пасля 9 жніўня 2020 года не было распачата ніводнай крымінальнай справы супраць сілавікоў па выніках масавых затрыманняў, збіванняў і здзекаў з грамадзян. Гэта ўжо не першая спроба дабіцца ад Германіі ўзбуджэння падобнай справы па прынцыпе ўніверсальнай юрысдыкцыі. У маі 2021 года чатыры нямецкія адвакаты ад імя дзесяці беларускіх грамадзян падалі ў Федэральную пракуратуру Германіі іск супраць Аляксандра Лукашэнкі. Які лёс гэтага іску, на дадзены момант невядома.