Гадавіна скрадзеных выбараў у Беларусі
Прайшоў роўна год пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Прэзідэнцкая кампанія праходзіла ва ўмовах, калі апазіцыйныя настроі былі моцныя як ніколі ў гісторыі краіны. У адказ на сфальсіфікаваныя выбары, у выніку якіх Лукашэнка застаўся пры ўладзе, па ўсёй краіне пачаліся мірныя акцыі пратэсту. Падчас іх разгону і затрымання ўдзельнікаў сілавікі праяўлялі надзвычайную жорсткасць, тысячы людзей былі затрыманыя. Апазыцыйныя лідэры былі арыштаваныя або выгнаныя з краіны.
Сусветная грамадскасць, у прыватнасці ЕС, ЗША і Канада, не прызнаюць вынікі выбараў, а падтрымліваюць мірных беларусаў і заклікаюць рэжым Лукашэнкі да правядзення новых выбараў.
Сёння лідэрка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская выступіла перад беларусамі Вільні: «Год таму Беларусь зрабіла выбар. Але мы не выбіралі апынуцца за межамі краіны, губляць суграмадзян, пісаць лісты нашым родным і сябрам у астрог. 9 жніўня 2020 года мы прызналі, што ў нашых з вамі руках будучыня роднай краіны. <…> Усе гэтыя месяцы штодня мы, беларусы, робім выбар – ісці наперад, нягледзячы на стому і сумневы. <…> Гэта выбар – дайсці да перамогі, вярнуць свой гонар і голас».
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн выпусціў зварот з нагоды гадавіны прэзідэнцкіх выбараў у Рэспубліцы Беларусь. «Замест таго, каб паважаць выразна выяўленую волю беларускага народа, рэжым Лукашэнкі сфальсіфікаваў выбары, следам распачаўшы жорсткую кампанію рэпрэсій с мэтай задушэння іншадумства. Дзеянні рэжыму Лукашэнкі – ад затрымання тысяч мірных дэманстрантаў і зняволення больш за 500 актывістаў, лідэраў грамадзянскай супольнасці і журналістаў у якасці палітычных вязняў да прымусовай пасадкі міжнароднага рэйса, якая парушае глабальныя нормы, – дзеянні рэжыму Лукашэнкі з’яўляюцца незаконнымі спробамі ўтрымаць уладу любой цаной», – падкрэсліў прэзідэнт Байдэн.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр выступіла з заявай з нагоды гадавіны сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў і пачатку масавых пратэстаў. Паводле амбасадаркі, падзеі 9 жніўня 2020 года сталі паваротным пунктам для Беларусі. У гэты дзень рэкордная колькасць беларусаў прыйшла на выбарчыя ўчасткі, каб зрабіць выбар на карысць новай Беларусі з новым кіраўніцтвам. Адначасова ўвесь свет стаў сведкам несправядлівасці і ахвяраў у выніку дзеянняў рэжыму Лукашэнкі. Дж. Фішэр падкрэсліла, што ЗША разам з ЕС, Вялікабрытаніяй і Канадай стаяць за абарону асноўных свабод грамадзян Беларусі.
Экс-прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктар Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі, якія ўжо больш за год знаходзяцца за кратамі, перадалі кароткія пасланні да гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
Сяргей Ціханоўскі піша: «Беларусы здабылі салідарнасць і ўпершыню адчулі сябе нацыяй, убачылі велізарную падтрымку за мяжой. Па сутнасці, ідзе агульнапланетарная рэкламная кампанія Беларусі. Пасля перамогі дэмакратыі, якая непазбежная, мы зможам выкарыстоўваць гэтую сусветную славутасць для дынамічнага развіцця дзяржавы – кажу гэта як рэкламнік з 15-гадовым стажам. Ідзіце да перамогі!»
Віктар Бабарыка перадаў пасланне з Наваполацкай калоніі, куды яго этапавалі пасля таго, як ён быў асуджаны да 14 гадоў зняволення. «Я ніколі не хацеў застацца і жыць у Беларусі так, як хачу гэтага цяпер, – кажа палітвязень. – І хоць з 18 чэрвеня мінулага года [дзень, калі яго затрымалі сілавікі] я не бачыў краіны, разумею: вобраз будучай Беларусі, які я маю ў галаве, падзяляе вельмі шмат людзей».