Google выдаліў рэкламу з допытамі палітвязняў
Святлана Ціханоўская 21 снежня прапанавала кампаніі Google звярнуць увагу на злоўжыванне сэрвісам YouTube, на якім рэкламуюцца відэа з допытамі беларускіх палітвязняў. Каардынацыйная рада і сем’і палітвязняў прыцягнулі ўвагу грамадскасці да таго, што сведчанні, атрыманыя пад прымусам, у адпаведнасці з Канвенцыяй ААН супраць катаванняў кваліфікуюцца як катаванне. С. Ціханоўская заклікала прыняць меры для таго, каб спыніць дэманстрацыю такіх ролікаў.
Віцэ-прэзідэнт кампаніі Google Каран Бхатыя адрэагаваў на зварот: «Мы выдалілі рэкламныя ролікі, якія вы адзначылі, праз парушэнне нашых правілаў. Мы абмежавалі паказ якіх-небудзь дадатковых аб’яў гэтымі рэкламнымі акаўнтамі і будзем дастасоўваць аўтаматызаваныя правілы, маючы на мэце папераджальнае маркіраванне любых новаствораных аб’яў і ўключэння ў іх мэтавых старонак і/альбо відэаролікаў, якія парушаюць правілы». Аркамя таго, выканаўчы дырэктар прапанаваў камандзе С. Ціханоўскай абмеркаваць гэтую праблему падчас сустрэчы.