Філосаф Уладзімір Мацкевіч спыніў галадоўку
Палітвязень Уладзімір Мацкевіч спыніў галадоўку на чатырнаццаты дзень. Ён патрабаваў змяніць яму меру стрымання, перадаць справу ў суд і прызначыць дату судовага разгляду. Мацкевіча трымаюць за кратамі са жніўня 2021 года. З вечара 14 лютага ён адмовіўся ад вады і перайшоў да сухой галадоўкі, пасля чаго яго стан значна пагоршыўся. Выкліканы лекар паставіў Мацкевічу кропельніцу і ўкалоў вітаміны.
Раніцай 17 лютага стала вядома, што палітвязень пісьмова паведаміў пра спыненне галадоўкі. Паводле яго адваката, пры размове са следчым Мацкевіч заключыў, што яго справа зрушылася з мёртвай кропкі. Ці былі выкананыя патрабаванні Мацкевіча, па-ранейшаму незразумела. Ён выказаў надзею, што галадоўку не давядзецца аднаўляць.