ЕС выступіў з заявай, прымеркаванай да гадавіны выбараў прэзідэнта Беларусі
Прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль ад імя Еўрасаюза выступіў з заявай, прымеркаванай да гадавіны прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
ЕС абавязуецца пасля дэмакратычнага пераходу ўлады дапамагчы Беларусі стабілізаваць яе эканоміку, рэфармаваць яе інстытуты, каб зрабіць іх устойлівымі і дэмакратычнымі, стварыць новыя працоўныя месцы і павысіць узровень жыцця людзей, а ў выпадку працягу рэпрэсіяў гатовы разгледзець далейшыя меры супраць нелегітымнага кіраўніцтва краіны.
«Адзіны спосаб спыніць палітычны крызіс – гэта ўсебаковы нацыянальны дыялог. Адмена санкцый ЕС стане магчымай толькі тады, калі ўлады Беларусі будуць цалкам прытрымлівацца прынцыпаў дэмакратыі і вяршэнства права, паважаць абавязацельствы па правах чалавека і спыняць усе рэпрэсіі», – адзначыў Барэль.
Паводле дыпламата, рэжым павінен безумоўна вызваліць і рэабілітаваць больш за 600 палітычных зняволеных і прыняць удзел у сур’ёзным палітычным працэсе, які прывядзе да свабодных і сумленным выбараў пад наглядам АБСЕ.
«ЕС працягне падтрымліваць дэмакратычную, незалежную, суверэнную, квітнеючую і стабільную Беларусь. Голас і волю народа Беларусі не ўдасца заглушыць», – рэзюмаваў дыпламат.