ЕС увядзе санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі праз сітуацыю з мігрантамі
Еўрасаюз працягне змагацца з гібрыднай атакай з боку беларускага рэжыму і ўвядзе дадатковыя санкцыі ў дачыненні да фізічных асоб і кампаній, гаворыцца ў заяве па выніках саміту Еўрапейскай рады. Саміт ЕС заклікаў Беларусь вярнуцца да выканання пагаднення аб рэадмісіі, якое дазваляе высылаць мігрантаў назад.
«Мы вельмі занепакоеныя сітуацыяй на межах з Беларуссю. Мы лічым паводзіны беларускіх уладаў гібрыднай атакай. Людзі, якіх выкарыстоўвае рэжым Лукашэнкі, з’яўляюцца ахвярамі. Мы мусім дапамагчы ім. Нічыё жыццё не мусіць выкарыстоўвацца дзеля палітычных мэт. Міграцыя выкарыстоўваецца як інструмент, каб аказаць палітычны ціск на ЕЗ», – заявіла Старшыня Еўрапейскай камісіі Уршуля фон дэр Ляен.
Міністр унутраных спраў ФРГ Хорст Зеехофер заявіў, што ўрад Германіі перакананы ў тым, што ключ да вырашэння праблемы прытоку нелегальных мігрантаў у ЕС праз Беларусь ляжыць у Маскве.
Польшча, Літва і Латвія ў апошнія месяцы фіксуюць паток нелегалаў, якія намагаюцца праз Беларусь трапіць на тэрыторыю ЕС, каб перабрацца ў Германію і Францыю, у тым ліку з рызыкай для жыцця. Ужо зафіксавана восем смерцяў мігрантаў каля мяжы з Беларуссю з пачатку міграцыйнага крызісу. Штодня адбываюцца сотні спробаў перасекчы мяжу з боку Беларусі ў ЕС. З пачатку года на нямецка-польскай мяжы затрымалі 5665 нелегальных мігрантаў, якія дабраліся да Германіі праз Беларусь, паведамілі ў паліцыі Германіі. Памежныя службы Польшчы даказалі, што беларускія памежнікі дапамагаюць мігрантам незаконна перасякаць мяжу, пры гэтым за дапамогу мігранты плацяць беларускаму боку каля 4000 еўра. Таксама 18 кастрычніка 2021 года літоўскія памежнікі зафіксавалі, як трое людзей у форме падышлі да лініі мяжы з беларускага боку і зайшлі ўглыб літоўскай тэрыторыі на 2,5 метры. У сувязі з гэтым, у МЗС Літвы 20 кастрычніка выклікалі прадстаўніка амбасады Беларусі, дзе яму ўручылі дыпламатычную ноту пратэсту супраць «неаднаразовых парушэнняў дзяржаўнай мяжы Літвы».