ЕС: ліцэнзія на эксплуатацыю БелАЭС выдадзеная з парушэннямі бяспекі
Еўракамісія выказала шкадаванне, што Беларусь вырашыла пачаць эксплуатацыю Беларускай АЭС пад Астраўцом, «не выканаўшы ўсе рэкамендацыі па бяспецы, якія змяшчаюцца ў справаздачы ЕС пра стрэс-тэсты ад 2018 года». «Хаця рашэнне пра камерцыйнае ліцэнзаванне станцыі ў Астраўцы знаходзіцца ў сферы адказнасці нацыянальных уладаў, пад наглядам нацыянальнага рэгулятара, неабходна забяспечыць максімальную бяспеку станцыі. Гэта яшчэ больш важна, улічваючы блізкасць краіны да мяжы ЕС і сталіцы Літвы Вільні», – гаворыцца ў заяве еўракамісаркі па энергетыцы Кадры Сімсан.
Еўрапейская камісія настойвае на тым, каб Беларусь вырашала пытанні ядзернай бяспекі АЭС у Астраўцы ва ўмовах поўнай празрыстасці, уключна з экспертнай праверкай ENSREG.