Два гады «хатняй хіміі» за каментар пра памочніцу пракурора
Мінчанку Юлію Куксу асудзілі на два гады «хатняй хіміі» за каментар пра памочніцу пракурора Аліну Касьянчык.
Юлія пакінула каментар у адным з телеграм-чатаў у адрас Касьянчык. Касьянчык гэты каментар не бачыла, пакуль яго не паказаў ёй следчы, але вырашыла, што ён абразлівы. На судзе памочніца пракурора заявіла, што не бачыць, што Юлія Кукса раскаялася, і што прабачэння тая папрасіла фармальна.
Грамадзянскі пазоў Касьянчык не падавала, прасіла суд не пазбаўляць сваю крыўдзіліцу волі.
23-гадовая Аліна Касьянчык выступала дзяржабвінаваўцай па справе журналістак «Белсата» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай: яны атрымалі па два гады калоніі за стрым з «Плошчы Пераменаў».
Рэзанансным стаў і суд над мінчанкай Вольгай Сінялёвай, якая адмовілася здаваць Касьянчык кватэру. На працэсе памочніца пракурора была ў якасці пацярпелай. За «парушэнне раўнапраўя грамадзян» Сінялёву асудзілі на два гады «хатняй хіміі».
Нядаўна Касьянчык атрымала падзяку ад Аляксандра Лукашэнкі за «шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, высокія паказчыкі ў службовай дзейнасці па забеспячэнні законнасці, умацаванні правапарадку і барацьбе са злачыннасцю».