Дар’я Лосік затрымана за інтэрв’ю “Белсату”
Дар’я Лосік, жонка палітзняволенага Ігара Лосіка, затрымана пасля ператрусу, які правялі ў яе дома ранкам 18 кастрычніка.
Ператрус правялі без сведкаў, толькі ў прысутнасці Дар’і і яе чатырохгадовай дачкі Паўліны. Цяпер дзяўчынка знаходзіцца з бацькамі Дар’і. У рамках якой крымінальнай справы затрымалі Дар’ю Лосік, пакуль невядома. Аднак прарэжымныя каналы паведамілі, што арышт звязаны з каментарамі, якія яна дала ТБ “Белсат”. Беларускі рэжым лічыць тэлеканал “Белсат” “экстрэміцкім фармаваннем”.
З таго часу, як быў затрыманы яе муж, блогер і журналіст “Радыё Свабода” Ігар Лосік, Дар’я неаднаразова выказвалася ў яго абарону і нават звярталася да Лукашэнкі, прапаноўваючы абмяняць мужа на сябе. Ігара асудзілі на 15 гадоў пазбаўлення волі па “справе Ціханоўскага”. У СІЗА ён заяўляў аб катаваннях, рэзаў вены і двойчы аб’яўляў галадоўку. Дар’я таксама трымала галадоўку ў знак салідарнасці з мужам.
“Дар’я — чалавек з неверагоднай вытрымкай і сілай волі. Кожны дзень яна паказвала Ігару і ўсім нам, як выглядае сапраўднае каханне. Кожны дзень яна дэманстравала такую мужнасць, якая і не снілася тым, хто сёння затрымліваў яе”, – адрэагавала на затрыманне Святлана Ціханоўская.