CNN: недалёка ад Мінска знаходзіцца лагер для палітвязняў
Тэлеканал CNN выпусціў рэпартаж пра меркаваны лагер для палітвязняў у Беларусі.
Лагер размешчаны ў лесе прыкладна ў гадзіне язды ад Мінска каля пасёлка Наваколасава, на месцы былога савецкага ракетнага сховішча. Плошча лагеру – больш за 80 гектараў. Па перыметры аб’екта ўсталяваны трохузроўневы плот пад напругай і новыя відэакамеры. У лагеры ёсць вайсковая ахова і шыльда «Уезд забаронены». На тэрыторыі лагера стаяць адрамантаваныя баракі, на вокнах – краты і святлоадбівальнае шкло. Жыхары Наваколасава называюць аб’ект лагерам.
Да ўнутраных памяшканняў лагера журналістам доступ атрымаць не атрымалася, таму яны не могуць сцвярджаць, што ў лагеры ўжо размяшчалі людзей, і прамых доказаў, што будынак выкарыстоўваюць як лагер, тэлеканал не выявіў.
Летась стала вядома пра будаўніцтва іншага лагера – пад Слуцкам. Намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў называў яго «лагерам для асабліва востракапытных». Той лагер актыўна не выкарыстоўваўся – затрыманых пачалі прывозіць 12 жніўня 2020 года, але 15 жніўня іх ужо вызвалілі, а лагер ліквідавалі за некалькі дзён.
Беларускія апазіцыянеры выказваюць асцярогу датычна таго, што рэжым Лукашэнкі можа вярнуцца да масавых арыштаў 9 жніўня, у гадавіну пратэстаў. Так, у ЦІП на Акрэсціна ў Менску вызваляюць камеры да выходных – зняволеных пераводзяць у іншыя турмы.