Чаму Беларусь мае істотнае значэнне
Роўна два гады таму ў Беларусі разгарнуліся пратэсты беспрэцэдэнтнага маштабу супраць сфальсіфікаваных выбараў. Дзясяткі тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы, прадпрыемствы абвясцілі страйк, а апазіцыйныя палітыкі заклікалі грамадзянскую супольнасць стаяць на сваім. Пратэсты і дэманстрацыі не сціхалі месяцамі, але прыхільнікі перамен не змаглі перамагчы ў жорсткім супрацьстаянні. Больш за 40 тысяч чалавек былі арыштаваны, значна большая колькасць актывістаў уцяклі з краіны. Жорсткія рэпрэсіі працягваюцца да сёння.
Вайна ва Украіне засланіла палітычны крызіс у беларускім грамадстве. І без таго знясілены беларускі народ сутыкнуўся з жорсткім асуджэннем і абвінавачаннем у слабасці і бяздзейнасці з боку ўкраінскага грамадства. Нягледзячы на ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне, беларусы не жадаюць ваяваць з суседнім народам, працягваюць барацьбу з дыктатурай усімі магчымымі сіламі і па-ранейшаму імкнуцца быць пачутымі ва ўсім свеце і заручыцца падтрымкай міжнароднай супольнасці. Мы звярнуліся да экспертаў і актывістаў, каб даведацца пра іх меркаванне аб значэнні Беларусі ў сусветным кантэксце.
Беларусы – еўрапейская нацыя, і мы зрабілі вельмі шмат, каб дэмакратызаваць краіну, але нам не пашанцавала мець агрэсіўнага аўтарытарнага суседа. У гісторыі шмат прыкладаў, калі краіны ў падобнай сітуацыі станавіліся на дэмакратычны шлях, а пазней адбываліся глабальныя змены ў цэлых рэгіёнах. У лютым 2022 года мы ўбачылі, як, здавалася б, неістотны для свету палітычны крызіс у нашай краіне можа ў выніку паўплываць на глабальную карціну свету. Можна меркаваць, што калі б у 2020-2021 гадах рэакцыя з боку Захаду на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі была больш прагматычнай, то, магчыма, Беларусь не стала б пляцоўкай Расіі для нападу на Украіну. Што гэта значыць? Па-першае, Беларусь мусіць стала заставацца ў фокусе ўвагі іншых краін. Па-другое, значыць, і ў нас ёсць магчымасць дэмакратычных змен. На жаль, няма ніякай гарантыі, што хуткім часам гэта здарыцца. У любым выпадку мы будзем спадзявацца на лепшае, падтрымліваць тых, хто знаходзіцца ў турмах і падтрымліваць адно аднаго.
Таццяна Хоміч, прадстаўніца каардынацыйнай Рады па палітзняволеных
У жніўні 2020 года свет даведаўся пра Беларусь, якая ўзнялася на барацьбу за свабоду і кінула выклік тыраніі. Да жніўня 2022 года пра тую Беларусь у свеце паступова забылі. Калі пра Беларусь сёння і ўзгадваюць, то ў першую чаргу як пра рэжым Лукашэнкі – суагрэсара, які дапамагае Расіі весці вайну супраць Украіны. І менавіта ў такой сітуацыі неабходна ўвесь час нагадваць пра тую іншую – свабодную Беларусь.
Аляксандр Фрыдман, гісторык і палітолаг
Па-першае, геалакацыя Беларусі вельмі зручная для Еўропы – калі Беларусь уступіць у адзіны памежны саюз з Еўропай, ад гэтага ўсё выйграюць. Па-другое, беларусы заўсёды былі талерантнымі да розных веравызнанняў. Побач маглі ўжывацца і праваслаўныя, і каталікі, і мусульмане. Па-трэцяе, у Беларусі шмат крэатыўных і таленавітых маладых людзей, якія праз адсутнасць магчымасці развівацца ў Беларусі з’ехалі за мяжу і актыўна адкрываюць новыя праекты і ўдзельнічаюць у інавацыях. Дай магчымасць працаваць у краіне, і будзе шмат карысных і новых праектаў не толькі для нашага грамадства, але і для ўсяго свету.
Аляксандра Герасіменя, спартсменка, трохразовая прызёрка Алімпійскіх гульняў
Для мяне тут ёсць два вымярэнні: унутранае і вонкавае. Унутранае – гэта выхад з глухой безнадзейнасці, у якой мы жылі так доўга, што паспелі забыцца, як бывае інакш. Гэта калапс большасці публічных ініцыятыў часоў дэкаратыўнай стабільнасці – што расчысціла месца для новых ідэй і новых людзей. Гэта перазагрузка беларускага праекту – і нічога, што тут поўна дылетантаў, а добрая палова зробленага не вытрымлівае ніякай крытыкі. Новая нацыя будуецца ўсімі адразу, ва ўсёй стракатасці інтэнцый і кампетэнцый. Калі лаханемся – то разам. Выйграем – перамога таксама будзе агульнай. А вонкавае, для іншага погляду – трагічна выдатны сюжэт абуджэння інэртнага электарату, які стаміўся быць кардэбалетам вусатага блазна. Рух без капітанаў і кіраўнікоў. Калектыўная імправізацыя з вулічным карнавалам, загнаным у мясасечку тэрору. Марш адзіночак у пошуках новага неба.
Макс Жбанкоў, культуролаг, кінааналітык, журналіст
Чаму важна падтрымліваць імкненне беларусак і беларусаў да дэмакратыі? Таму што ў сённяшнім, звязаным глабалізацыяй свеце будучыня дэмакратыі залежыць ад салідарнасці грамадзян як унутры дэмакратычных краін, так і па-над межамі. Гэта добра ілюструе сітуацыя ва Украіне – тое, наколькі перамога гэтай краіны залежыць ад падтрымкі яе іншымі дэмакратычнымі супольнасцямі і краінамі. Так і ў выпадку Беларусі: беларускі і беларусы заявілі ў 2020 годзе, што не хочуць больш жыць пры аўтарытарызме, што выбіраюць для Беларусі дэмакратычную будучыню, за якую гатовы рызыкаваць дабрабытам, здароўем і нават жыццём. Я перакананая, што патэнцыял міжнароднай салідарнасці не вычарпаны, як і веру ў сваё, беларускае грамадства, якое працягвае супраціўленне аўтарытарнаму рэжыму ў Беларусі.
Вольга Шпарага, філосафка, Фем група Кардынацыйнай Рады
Пра Беларусь у катэгорыі (не)важнасці разважаць немагчыма. Гэта не рэч, не паслуга, гэта – канстанта, неад’емнасць. Яна проста ёсць і ёю прасякнутая ўся мая сутнасць, нават калі я тэрытарыяльна там не знаходжуся ў дадзены момант. Беларусь – яна ў сэрцы.
Сяргей Будкін, арт-менеджар, кіраўнік Беларускай Рады культуры
Доўгі час мы не заўважалі Беларусь, не глядзелі на яе шырока расплюшчанымі і цікаўнымі вачыма, а бачылі яе праз скажоную прызму. Два гады таму нашае ўспрыманне стала больш ясным. Беларусы падняліся на пратэст. Яны і цяпер усё яшчэ пратэстуюць, але па-іншаму, не так бурна – і мы зноў можам пра іх забыцца. Так шмат сяброў пішуць мне, з танкамі перад вачыма і самалётамі над галавой: “Мы не жадаем гэтай вайны”. Калі б Беларусь не была дыктатурай, якой яна да гэтага часу з’яўляецца, вайна ў такой форме была б немагчымая. Беларусь істотная дзеля міру ва ўсім свеце, дзеля будучыні Зямлі, дзеля ўсяго чалавецтва.
Хайке Забель, кіраўнік аб’яднання “Разам у будучыню”, журналіст і аўтар