BYPOL: Віктар Шэйман арганізаваў прыватную ваенную кампанію
BYPOL апублікаваў новае расследаванне пра сакрэтную ваенную арганізацыю, якая была створаная Шэйманам для працы ў інтарэсах Лукашэнкі.
Паводле дадзеных BYPOL, Віктар Шэйман займаецца нібыта ахоўнай установай, якая насамрэч рыхтуе байцоў для спецпадраздзяленняў афрыканскіх дыктатарскіх рэжымаў для аховы месцаў здабычы карысных выкапняў, распрацоўка якіх ідзе ў тым ліку і на карысць Лукашэнкі. Акрамя таго, кампанія займаецца гандлем зброяй.
Віктар Шэйман доўгі час лічыўся адным з найбольш уплывовых людзей у Беларусі. Ён быў блізкім паплечнікам Лукашэнкі з самага пачатку яго прэзідэнцкай кар’еры і заставаўся ім да 11 чэрвеня 2021, калі было абвешчана пра яго адстаўку.
Шэйман займаў розныя кіраўніцкія пасады ва ўрадзе: ад генеральнага пракурора да ўпаўнаважанага па стратэгічных рэгіёнах свету, шмат гадоў быў кіраўніком спраў Адміністрацыі прэзідэнта.
Напярэдадні леташніх прэзыдэнцкіх выбараў Аляксандр Лукашэнка публічна распавёў, як Шэйман змагаўся са злачыннасцю ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Паводле яго слоў, тады Шэйман асабіста ездзіў з пісталетам і адстрэльваў бандытаў. У адстаўку Віктар Шэйман сышоў нібыта праз дрэнны стан здароўя. Але, прымаючы адстаўку, Аляксандр Лукашэнка папрасіў яго і далей курыраваць праекты ў Афрыцы і Паўднёвай Амерыцы. Сёння стала вядома, што Беларусь адкрые сваю амбасаду ў Рэспубліцы Зімбабвэ. Менавіта Зімбабвэ апошнія некалькі гадоў была важным напрамкам беларускіх інтарэсаў у Афрыцы. Так, у 2018 годзе Віктар Шэйман пабываў у Зімбабвэ як мінімум двойчы і дакладваў Аляксандру Лукашэнку, што краіны выйшлі на «актыўнае супрацоўніцтва» ў сферы здабычы карысных выкапняў, у галіне сельскай гаспадаркі, у будаўніцтве, транспарце, лагістыцы і энергетыцы.