Былому следчаму ў Беларусі далі 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму
26 снежня вынеслі прысуд Яўгену Юшкевічу, былому следчаму і ініцыятару праекта ByChange, які займаўся перападрыхтоўкай сілавікоў, якія звольніліся, і дзяржслужачых.
Першы раз Яўгена затрымалі 24 лістапада 2020 года ў Менску, яму ставілі ў віну “арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”, але праз 10 сутак вызвалілі. Паўторна затрымалі 19 красавіка 2021 года па падазрэнні ў “акце тэрарызму” і змясцілі ў следчы ізалятар КДБ, куды працяглы час не пускалі адваката. За месяц да затрымання ў прыналежнай яго бацьку машыне невядомыя ўсталёўвалі праслухоўванне — адпаведнае відэа з рэгістратара Яўген апублікаваў у Facebook.
Суд доўжыўся больш за месяц у закрытым рэжыме. Юшкевіча абвінавачвалі адразу па шасці крымінальных артыкулах, у тым ліку за “арганізацыю масавых беспарадкаў” у 2020 годзе, “распальванне іншай сацыяльнай варожасці” ў інтэрв’ю і тэкстах у сацсетках, “пагрозу гвалтам” начальніку ізалятара часовага ўтрымання на Акрэсціна праз твіт. У выніку яго асудзілі на 11 год калоніі ўзмоцненага рэжыму. Менавіта такі тэрмін і запытвала дзяржаўнае абвінавачанне.
У Яўгена ўзялі падпіску аб невыдаванні матэрыялаў справы, каб ён нават сваім сукамернікам не мог расказаць, у чым канкрэтна яго абвінавачваюць. Сам палітвязень расцэньваў у лістах на волю свой пераслед і затрыманне як помсту за выкладзенае відэа з усталяваннем праслухоўвання ў машыне ягонага бацькі, на якой ён прыехаў 17 сакавіка на допыт у Следчы камітэт.
Хоць працэс праходзіў у закрытым рэжыме, Генеральная пракуратура паведаміла, што Юшкевіч быў “актыўным удзельнікам Telegram-чата “ХАТА””. Пра ўдзел Юшкевіча ў гэтым чаце, дзе адміністратары найбуйнейшых тэлеграм-каналаў нібыта абмяркоўвалі план акцый пратэсту, казаў Раман Пратасевіч, для затрымання якога беларускі рэжым прызямліў у Мінску самалёт Афіны-Вільнюс у траўні 2021 года. На той момант Юшкевіч ужо быў затрыманы. “Вясна” мяркуе, што яго цяпер асудзілі за арганізацыю ўсіх вулічных акцый пратэсту ў 2020 годзе.
У 2017 годзе Яўген Юшкевіч звольніўся з пасады старшага следчага аддзела па расследаванні эканамічных злачынстваў упраўлення Следчага камітэта па Мінску і ўладкаваўся на працу андроід-распрацоўшчыкам. А ў 2020 годзе ён стаў ініцыятарам праекту ByChange, які дапамагаў у навучанні, перападрыхтоўцы сілавікоў, дзяржаўных служачых і іншых людзей, якія сышлі з працы па меркаваннях сумлення ці якіх звольнілі па палітычных матывах.
У маі 2021 года Лукашэнка сваім указам пазбавіў званняў і чыноў 80 былых супрацоўнікаў сілавых ведамстваў і работнікаў органаў пракуратуры, у тым ліку і старшага лейтэнанта юстыцыі запасу Юшкевіча Яўгена Міхайлавіча.