Брэстчаніна асудзілі за жаданне стаць добраахвотнікам ва Украіне
На дзяржаўным тэлебачанні выйшаў сюжэт з калоніі пра першага беларуса, якога асудзілі за жаданне прымаць удзел ў барацьбе з агрэсіяй расійскіх войскаў на баку Украіны. Ужо восем беларусаў асуджаныя. Усе яны прызнаныя палітычнымі зняволенымі.
Прапагандысты з дзяржаўнага тэлеканала АНТ з’ездзілі ў калонію, вядомую пад назвай “Воўчыя норы”, каб зняць рэпартаж пра затрыманых беларусаў, якія хацелі далучыцца да добраахвотнікаў ва Украіне. 37-гадовы айцішнік з Брэста Сяргей Вайцюк — адзін з іх.
Як паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”, Сяргей быў затрыманы 14 красавіка 2022 года ў вёсцы каля беларуска-ўкраінскай мяжы. Там ён спрабаваў знайсці сабе правадыра, які бы нелегальна правёў яго праз мяжу, але не знайшоў. Тады Сяргей паехаў у дзяржаўны пункт пропуску “Макраны”. З рэчаў у яго з сабой было толькі пасведчанне кіроўцы, цыгарэты, тэлефон і піва. Беларускія памежнікі “разгарнулі” яго і папрасілі вяртацца дадому. Тады Сяргей пешшу праз поле і канавы дайшоў да нейкай вёскі, зайшоў у адзін дом, дзе пажылы гаспадар на нечаканага “госця” выклікаў міліцыю. Так Сяргей быў затрыманы.
Спачатку яму прысудзілі 10 сутак за “дробнае хуліганства” і “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў”, потым мужчыну змясцілі пад варту па падазрэнні ў “найміцтве”. Пазней абвінавачванне перакваліфікавалі на “замах на ўдзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай дзяржавы”. Сяргею прызначылі 2,5 гады калоніі. Ён, як і іншыя палітычныя зняволеныя, пазначаны жоўтай біркай “экстрэміста”. Гэта значыць, што палітвязень стаіць на ўліку, як схільны да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці, што цягне пэўныя абмежаванні для яго. На волю ён мусіць выйсці 11 красавіка 2025 года.