Bild: Германія расследуе дачыненне Лукашэнкі да кантрабанды мігрантаў
Нямецкая газета Bild am Sonntag са спасылкай на крыніцы паведаміла, што ў Германіі расследуюць дачыненне Аляксандра Лукашэнкі да кантрабанды мігрантаў з тэрыторыі Беларусі праз Польшчу ў ФРГ. Паводле інфармацыі газеты, «у цяперашні час нямецкія ўлады вядуць расследаванне супраць Лукашэнкі як арганізатара».
Паводле нямецкай паліцыі, ад жніўня 2021 года з Беларусі ў Германію незаконна перабраліся амаль 4000 мігрантаў. Часцей за ўсё спробу нелегальна перасекчы мяжу ФРГ прадпрымаюць маладыя мужчыны з Ірака і Сірыі, якім беларускія ўлады выдаюць студэнцкія візы. Яны прылятаюць у Беларусь і адпраўляюцца на мяжу, каб паспрабаваць патрапіць у ЕС і папрасіць прытулак.
Газета Bild ў сваім матэрыяле піша, што беларускія памежнікі дапамагаюць мігрантам дабрацца да польскай мяжы і паказваюць участкі, дзе яна дрэнна ахоўваецца. За дапамогу ў нелегальным перасячэнні мяжы мігранты плацяць беларускаму боку каля 4000 еўра. Памежная служба Польшчы апублікавала відэа, на якім, як сцвярджаецца, беларускія памежныя службы падвозяць мігрантаў да розных участкаў мяжы. Літоўскія ўлады неаднаразова заяўлялі пра тое, што з беларускага боку неапазнаныя сілавікі «выштурхваюць мігрантаў у Літву з ужываннем спецтэхнікі, шчытоў».
Крызіс на мяжы пачаўся сёлета ў траўні, калі Аляксандр Лукашэнка ў адказ на ўзмацненне жорсткасці заходніх санкцый заявіў, што Мінск больш не будзе ўтрымліваць бежанцаў ад далейшага руху ў краіны ЕС.