Беларуская дзяржаўная кампанія датычная да міграцыйнага крызісу ў Літве
Расійскі цэнтр «Дасье» сумесна з нямецкім выданнем Der Spiegel высветлілі, што турыстычная кампанія «Цэнтркурорт», якая ўваходзіць у структуру Упраўлення справамі прэзідэнта Беларусі, дапамагла атрымаць візы сотням грамадзянаў Іраку.
Паводле даследавання, «Цэнтркурорт» з’яўляецца адной з фірмаў, што каардынуюць паток нелегальных мігрантаў з Беларусі ў краіны ЕС. У пачатку траўня кампанія заключыла дамову пра супрацоўніцтва «ў развіцці міжнароднага турызму паміж краінамі арабскага свету і Рэспублікай Беларусь» з беларускай турыстычнай кампаніяй «Оскартур». Яе ўзначальвае Салах Мухэймен Аль-Асадзі.
«Оскартур» стаў даваць справаздачы «Цэнтркурорту» пра кантакты з авіякампаніяй Fly Baghdad, якая праз некалькі тыдняў запусціла рэгулярныя рэйсы ў Мінск. «Оскартур» таксама прасіў «Цэнтркурорт» дапамагчы атрымаць візы 51 грамадзяніну Іраку. Усяго праз «Цэнтркурорт» прайшло больш за 200 заявак на візы для іракскіх грамадзянаў. Мэтай прыезду амаль усіх «турыстаў», у тым ліку дзяцей, было пазначана «правядзенне паляўнічага тура ў паляўнічых гаспадарках» Мінскага раёну. У каментары Der Spiegel адзін з супрацоўнікаў «ЦэнтрКурорту» заявіў, што кампанія дапамагла атрымаць візы сотням грамадзянаў Іраку. У зоне прылёту «турыстаў» чакалі заказаныя «ЦэнтрКурортам» аўтобусы, якія развозілі іх па гатэлях у цэнтры Мінску.
На думку даследчыкаў, «у адказ на пагаршэнне стасункаў з Еўропай улады Беларусі, гледзячы па ўсім, вырашылі выкарыстаць паток мігрантаў для шантажу еўрапейскіх краін».