Беларускага актывіста знайшлі павешаным у Кіеве
Кіраўніка арганізацыі «Беларускі дом ва Украіне» Віталя Шышова знайшлі павешаным у кіеўскім парку. Гэта пацвердзіла ўпраўленне Нацыянальнай паліцыі ў Кіеве. Учора актывіст не вярнуўся дадому з прабежкі. Паліцыя распачала крымінальную справу, удакладніўшы, што разглядае і версію забойства, прадстаўленага як самагубства.
Прадстаўнік «Беларускага дома ва Украіне» Юры Шчучко паведаміў, што цела Віталя Шышова знайшлі прадстаўнікі арганізацыі, якія ранкам аднавілі пошукі. Па словах Шчучко, на твары Шышова былі сляды збіцця. Паводле дадзеных беларускага праваабарончага цэнтра «Вясна», Шышоў раней заўважаў, што за ім сачылі.
Сёння ўвечары дыяспара Беларусі ва Украіне збіраецца арганізаваць акцыю памяці Віталя Шышова ля амбасады Беларусі ў Кіеве.