Беларусь ужо наўрад ці ўварвецца ва Украіну
Інстытут вывучэння вайны (ISW) перакананы, што ўварванне беларускай арміі ва Украіну надзвычай малаверагодна.
Аналітыкі Інстытута лічаць, што Беларусь ужо наўрад ці ўварвецца ва Украіну з-за магчымасці аднаўлення ўнутраных беспарадкаў. Лукашэнка спадзяваецца на элементы беларускіх узброеных сілаў як на дадатак да беларускіх службаў бяспекі для падаўлення народных пратэстаў. Такім чынам, прыцягненне значнай часткі гэтага апарата бяспекі да вайны ва Украіне магло б зрабіць Лукашэнку ўразлівым да новых беспарадкаў і супраціву, а таксама падарвала б яго аўтарытэт як лідэра суверэннай краіны.
Намеснік начальніка ўкраінскага Генштаба Аляксей Громаў раней заявіў, што ў вайне з Украінай тэарэтычна могуць узяць удзел 15 тысяч беларускіх вайскоўцаў і да 9 тысяч расейскіх вайскоўцаў, дыслакаваных у Беларусі. Аднак, паводле слоў Громава, гатоўнасць узброеных сіл Беларусі весці самастойныя ваенныя дзеянні ацэньваецца як нізкая.
“Беларускае ўварванне не зможа зрабіць такога прарыву, як і не зможа сур’ёзна пагражаць Кіеву. Уступленне Беларусі ў вайну ў горшым выпадку адцягне ўкраінскія сілы ад цяперашняй лініі фронту на ўсходзе Украіны”, – гаворыцца ў справаздачы ISW.