Беларусь распальвае міграцыйны крызіс на сваіх межах
Працягваецца рост нелегальнай міграцыі на межах Польшчы, Літвы і Латвіі з боку Беларусі. Колькасць затрыманых на польска-беларускай мяжы нелегальных мігрантаў ўжо ўдвая перавысіла паказчыкі за мінулы год.
З 12 ліпеня мяжу Латвіі з Беларуссю і Расіяй акрамя памежнікаў будуць патруляваць вайскоўцы.
Раней з-за наплыву мігрантаў з Беларусі еўрапейскае пагранічнае агенцтва Frontex пачало тэрміновую аперацыю на літоўска-беларускай мяжы. Літоўскія памежнікі затрымалі ўжо 1634 нелегальных мігрантаў на мяжы з Беларуссю ў 2021-м годзе. Гэта амаль у 20 разоў больш, чым за ўвесь мінулы год. Урад Літвы на дзяржаўным узроўні абвясціў рэжым экстранай сітуацыі. Кіраўнік літоўскага МЗС Габрыэлюс Ландсбергіс прапануе ўвесці супраць Беларусі новыя санкцыі ў адказ на міграцыйны крызіс.
12 ліпеня на сумесным пасяджэнні камісій па замежных справах і грамадзянскіх свабодах Еўрапейскага парламента камісар унутраных справаў ЕС Ілва Ёхансан звярнула ўвагу на наўмысныя дзеянні рэжыму Лукашэнкі па распальванні міграцыйнага крызісу на мяжы РБ і ЕС.