Беларус дамагаецца, каб вілу, якая належыць сваякам Пуціна, аддалі на патрэбы ўцекачоў з Украіны
Беларус Сяргей Савельеў адбыў 7 гадоў у расейскай турме. Пасля вызвалення ён перадаў праваабаронцам відэаматэрыялы, на якіх зафіксаваныя катаванні ў дачыненні да зняволеных. Як паведамляе «Радыё Свабода», зараз ён спрабуе дамагчыся, каб вілу «Alta Mira» у Францыі перадалі на патрэбы ўцекачоў з Украіны.
Віла знаходзіцца на паўднёвым захадзе Францыі, у фешэнебельным курортным горадзе Біярыц. Камяніцу плошчаю прыблізна 300 м2 атачае сад на 2000 м2. Кошт вілы ацэньваюць у 3,7 млн. даляраў.
Віла належыць дачцэ Пуціна Кацярыне Ціханавай і яе былому сужэнцу, бізнесмену Кірылу Шамалаву, сыну Мікалая Шамалава, які, паводле Reuters, з’яўляецца старым сябруком Пуціна і ўключаны ў санкцыйныя спісы ЕС, ЗША і Злучанага Каралеўства.
Сяргей правёў на віле 24 гадзіны, але потым быў вымушаны пакінуць памяшканне па просьбе французскай паліцыі. Сяргея і яшчэ дваіх чалавек ненадоўга затрымалі, але хутка адпусцілі, не прад’явіўшы ніякіх абвінавачанняў. Калі французскія ўлады ўхваляць перадачу гэтай вілы на патрэбы людзей, якія ўцяклі ад вайны ва Украіне і рэпрэсій Пуціна і Лукашэнкі, то там можна было б пасяліць мінімум 20 чалавек.