Ангела Меркель: Беларусь выкарыстоўвае ўцекачоў для падрыву бяспекі ЕС
Выступаючы 17 жніўня 2021 года на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэм’ер-міністаркай Эстоніі Каяй Калас, канцлерка Германіі Ангела Меркель асудзіла дзеянні Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з міграцыйным крызісам. «Прэзідэнт Лукашэнка выкарыстоўвае ўцекачоў, каб падарваць бяспеку, і, вядома, мы асуджаем гэта самым рашучым чынам», – сказала Меркель.
Паводле яе слоў, Германія паспрабуе заняць агульную пазіцыю з партнёрамі па ЕС, «таму што гэты гібрыдны тып канфрантацыі, які выкарыстоўваецца Беларуссю, ёсць атакай на ўсіх нас у Еўрапейскім Саюзе, а не толькі на адну краіну».
Кая Калас ўзняла пытанне пра ўвядзенне новых санкцый супраць Менску. Яна падкрэсліла, што Менск выкарыстоўвае тэму ўцекачоў у сваіх мэтах як зброю супраць ЕС.
З пачатку бягучага года літоўскія памежнікі затрымалі каля чатырох тысяч нелегальных мігрантаў – у 40 з лішнім разоў больш, чым за ўвесь 2020 год. На тэрыторыю ЕС яны траплялі праз Беларусь.
Еўрапейскае памежнае агенцтва Frontex зафіксавала, што некаторыя групы нелегалаў прыбывалі да літоўскай мяжы ў суправаджэнні аўтамабіляў, якія нагадваюць ведамасны транспарт беларускіх вайскоўцаў.